помнік сядзібна-паркавай архітэктуры канца 19 ст. ў в. Чырвоны Бераг Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. Размешчаны на беразе р. Дабасна. Належала ген.-лейтэнанту М.С.Гатоўскаму, з 1891 — В.А.Козел-Паклеўскаму. Уключае сядзібны дом, флігель, уязную браму, гасп. пабудовы, парк. Тэр. сядзібы (11 га) абнесена высокай цаглянай агароджай. Цэнтр кампазіцыі — мураваны Г-падобны ў плане 2-павярховы сядзібны дому стылі мадэрн з мансардавым і 2-схільным дахамі. Пабудаваны ў 1890—93 паводле праекта арх. К.Шрэтэра. Мае асім. шматпланавую кампазіцыю, засн. на спалучэнні асн. прамавугольнага ў плане аб’ёму і папярочнага корпуса, які выступае на гал. фасадзе рызалітам. На фасадах вылучаюцца 2—5-гранныя руставаныя эркеры з контрфорсамі і шатровымі гранёнымі завяршэннямі. Гал. ўваход вырашаны манум. тэрасай на масіўных пілонах са стральчатымі арачнымі праёмамі паміж імі. Вадазлівы аформлены ў выглядзе хімер (чыгуннае ліццё). Гарыз. падзел будынка на 2 ярусы выразна падкрэслены арнаментамі і дэкорам міжпаверхавага пояса і карніза. Каларыстычнае вырашэнне засн. на кантрасце пабеленых дэкар. элементаў і чырв. цаглянай муроўкі. Падобнае арх. вырашэнне мае 1-павярховы мураваны флігель з асім. аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй. Гал. ўезд у сядзібу вылучаны брамай у стылі неаготыкі ў выглядзе стральчатай аркі, дэкарыраванай аркатурай, 8-граннымі бакавымі вежамі. У будынках Ч.с. размешчаны Чырвонабярэжскі аграрны каледж. Парк (пл. 10 га) пейзажнага тыпу (з садам) закладзены ў канцы 19 ст. на месцы б. рэгулярнага парку (захаваўся баскет, перароблены ў ландшафтную паляну). У зах.ч. — пладовы сад, у паўд. і ўсх. — замкнёны паркавы ландшафт з сядзібным домам у цэнтры, які павернуты гал. фасадам да ракі, курцінамі вакол дома і на беразе ракі. Каля парку размяшчаюцца свіран і стайня. Іл.гл. таксама да арт.Жыллё.